сказки онлайн
былины
Сказки Былины
О сайте
Новости
Сказки
Былины
Скачать сказки





Сказка "Стралец і рыбак"


Жылі ў бацькі два сыны. Выраслі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.

Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца ўвесь дзень, дахаты ж з пустымі рукамі ідзе, галодны як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі ж часам і ўпалюе якое зайчаня, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не зробіш, калі ў сына такая ахвота.

А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Наловіць жменю печкуроў ці яршоў — якая ад іх карысць? Хіба што кату паласавацца.

Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але і меншы сын не слухае бацькі, бо, ведама, ахвота горш няволі.

А каб апраўдацца перад бацькам, што с пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны. Стралец расказвае:

— Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб стрэліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў вылецеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казлянятамі кусаць… Ну, яны і пасмалілі як шалёныя ў гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў з яго чмяліны рой. У такі час мядзведзі вельмі злосныя. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзведзь не пайшоў…

Рыбак расказвае:

— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно! Я за вудзільна, цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берага, а шчупак віль хвастом — і будзь здароў… Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Падцягнуў яго да берага, хацеў рукамі ўхапіць, ды не ўтрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.

Белорусские сказки | Далее
© Nameka.net Сказки | Былины | О сайте Rambler's Top100